?

Log in

No account? Create an account
primaviera — LiveJournal

> Recent Entries
> Archive
> Friends
> Profile
> previous 10 entries

March 4th, 2015


11:42 am - Клеменс Маер. Дзіцячыя гульні. Урывак з рамана "Калі мы марылі"
Я знаю адзін дзіцячы вершык. Я мармычу яго пра сябе, калі думкі ў маёй галаве пачынаюць скакаць па-вар'яцку. Мне здаецца, мы напявалі яго, гуляючы ў класікі, але можа быць, я сам яго выдумаў альбо проста прысніў. Часам я варушу вуснамі і бязгучна прамаўляю яго, часам проста пачынаю мармытаць і нават не заўважаю гэтага, бо ў галаве кідаюцца ў скокі ўспаміны, не, не проста якія-небудзь, а ўспаміны пра час пасля вялікага пералому, пра тыя гады, калі мы ўстанавілі кантакт.

Кантакт з рознакаляровымі аўтамабілямі, півам «Хольстэн Пільзэнэр» і настойкай «Егэрмайстэр». Нам тады было каля пятнаццаці, і «Хольстэн» быў занадта аскомістым, таму пілі мы звычайна, кіруючыся нацыянальнай самасвядомасцю: піва «Ляйпцыгер Прэміум Пільс». Гэта было выгадней, бо здабывалі мы яго непасрэдна на дварэ піваварні. Звычайна ноччу. Бровар, дзе гатавалі «Ляйпцыгер Прэміум Пільс», быў цэнтрам нашага квартала і жыцця. Пачатак прапітых начэй на гарадскіх могілках, бясконцыя разбуральныя оргіі і танцы на аўтамабілях падчас сезону
моцнага сакавіцкага піва.

Арыгінальны разліў лейпцыгскага бровара быў для нас нібы светлавалосым джынам з бутэлькі, які прыемна хапаў нас за валасы і падымаў над мурамі, ператвараў машыны ў самалёты, пазычаў нам свой дыван, на якім мы адляталі прэч і плявалі на галовы паліцыянтаў.
Але звычайна гэтыя дзіўныя начныя палёты-мроі заканчваліся прызямленнем у выцвярозніку альбо ў калідорах паўднёва-усходняга паліцэйскага ўчастка, дзе мы сядзелі прыкутыя наручнікамі да батарэяў.

Read more...Collapse )Я знаю адзін дзіцячы вершык. Я мармычу яго пра сябе, калі думкі ў маёй галаве пачынаюць скакаць па-вар'яцку.

(2 comments | Leave a comment)

11:31 am - Марцін Полак. Нябожчык у бункеры
Раньнім летам 2003 году мы з жонкай паехалі ў Паўднёвы Тыроль, да перавалу Брэнэр, каб адшукаць бункер, у якім 56 гадоў таму быў знойдзены мёртвым мой бацька. Ён быў расстраляны. Я хацеў больш даведацца пра абставіны сьмерці і пра прычыны, што прывялі яго ў Паўднёвы Тыроль. Я цягнуў з гэтымі росшукамі на працягу гадоў, магчыма, дзеля несьвядомага пачуцьця боязі сутыкнуцца ў пошуках сьлядоў на рэчы, якія б пераўзышлі мае і без таго дрэнныя чаканьні. Адно я ведаў з самага пачатку: яго гвалтоўная сьмерць была сконам жыцьця, у якім гвалт адыгрываў важную ролю.
Мы дамовіліся на сустрэчу ў Госэнзасы ў кавярні на рынкавай плошчы з адным чалавекам, які абяцаў дапамагчы у пошуках бункера. Петэр Казэр – мастак, паралельна ён займаецца дасьледаваньнем італьянскіх умацавальных лініяў уздоўж мяжы каля Брэнэра, ён сам валодае адным з такіх адслужылых бункераў, з якога зрабіў мастацкую майстэрню для перформансаў і інсталяцыяў. Ад яго мы даведаліся, што на італьянскім баку Брэнэра ёсьць больш за 50 бункераў і казематаў, якія з 1936 да 1942 году былі пабудаваныя па загадзе Мусаліні як sbarramento di Brennero – заслона на Брэнэры, скіраваная супраць Германіі і Аўстрыі; у ваенным сэньсе гэтыя збудаваньні, відаць, не адыгрывалі ніякай ролі. Мясцовыя жыхары, якіх мы запытваліся, ведалі гісторыю пра нябожчыка ў бункеры; у свой час пра гэта шмат гаварылі, але дзе гэта было, ніхто ня мог згадаць. У гэтай мясцовасьці шмат бункераў, казалі яны, а гісторыя была так даўно. Нарэшце мы выпадкова натрапілі на немаладога мужчыну з круглым ружовым дзіцячым тварам, які змог даць нам правільную падказку. Ён жыве, як сказаў, недалёка ад таго бункера; ягоны бацька часта распавядаў пра тое, як знайшлі труп. Гэтая падзея ў свой час усхвалявала ўсю даліну, хаця адразу пасьля вайны людзі былі дастаткова спустошанымі. Спачатку ён не хацеў выдаваць месцазнаходжаньне бункеру; яго бацька, так ён тлумачыў, забараніў яму казаць пра гэтыя падзеі, бо праз гэта ён толькі апячэ сабе язык. Пры гэтых словах ён зрабіў злую усьмешку, як дзіця, якое знаходзіць задавальненьне ў тым, каб трымаць у няведаньні і трымценьні іншых, але Петэр Казэр не здаваўся, пакуль той ня выдаў бацькаву інфармацыю.

Чытаць урывак цалкам у Дзеяслове

(Leave a comment)

11:22 am - Даніэль Кельман. Разалія едзе паміраць
З усіх маіх персанажаў яна найразумнейшая. Амаль 70 гадоў таму Разалія была юнай і добра вучылася ў школе, пасля яна скончыла настаўніцкую акадэмію і чатыры дзесяцігоддзі выкладала. Яна двойчы была замужам і мае траіх даўно ўжо дарослых дачок, цяпер яна ўдава, яе пенсіі хапае на ўсё, і наконт многіх рэчаў яна ніколі не мела ілюзій; таму яна і не здзівілася, калі на мінулым тыдні доктар сказаў, што рак невылечны і што вельмі хутка ўсё скончыцца.
– Вядома, Вы хочаце праўду, – сказаў ён з такім тварам, як быццам яна дзіця і можа ганарыцца тым, што дарослы ёй давярае. – Добрая звестка: моцны боль прыйдзе толькі ў самым канцы.

Чытаць тэкст цалкам у Дзеяслове

(Leave a comment)

11:14 am - Герта Мюлер. Звер сэрца. Урыўкі з раману
Лола хацела гэтыя чатыры гады вучыць рускую мову. Уступны іспыт быў лёгкім, бо навучальных месцаў было дастаткова, у інстытуце столькі ж, як і ў агульнаадукацыйных школах у краіне. А рускую жадалі вывучаць нямногія. Жаданьні цяжкія, піша Лола, мэты лягчэйшыя. Мужчына, які вучыцца, мае чыстыя пазногці, піша Лола. Праз чатыры гады такі і прыедзе са мной, бо такі ведае, што ў вёсцы ён будзе панам, што цырульнік будзе прыходзіць да яго дадому і пакідаць боты перад дзьвярыма. Больш ніколі ў жыцьці ніякіх авечак, піша Лола, ніякіх кавуноў, толькі шаўкоўніцы, бо ўсе мы маем лісьце. Замест пакою – маленькі чатырохкутнік, адно вакно, шасьцёра дзяўчат, шэсьць ложкаў, пад кожным куфар. Каля дзьвярэй убудаваная ў сьцяну шафа, на столі над дзьвярыма гучнагаварыльнік. Хор працоўных сьпяваў са столі да сьцяны, ад сьцяны да ложкаў, пакуль не надыходзіла ноч. Тады яны сьціхалі, як і вуліца перад вакном і звонку – кудлаты парк, па якім больш ніхто не хадзіў. У кожным інтэрнаце было па сорак маленькіх чатырохкутнікаў. Цалкам прачытаць урыўкі можна тут: у Дзеяслове

(Leave a comment)

September 1st, 2014


10:54 am - Болек і Лёлек у Пінску
Fotopinsk1a
Я іх адразу папярэджвала: толькі напрамілы Бог, не прадстаўляйцеся Лёлекам і Болекам! Па-першае, вам усё адно ніхто не паверыць. Ты, Болек, прадстаўляйся Балеславам. У тваім узросце ў нас мужыкоў Болекамі ўжо не называюць.

Яны паслухаліся, але я ўсё адно не магла стрымаць смех, заўважаючы недаверлівыя позіркі нашых новых пінска-столінскіх знаёмых, якія чулі імёны маіх турыстаў.

Read more...Collapse )
Current Mood: happyhappy

(Leave a comment)

January 5th, 2014


01:50 pm - Гісторыя па-чалавечы

Я лічу, што гісторыю ў школе слушна вывучаць пачынаючы з сучаснасці, а не так, як у мае школьныя гады: мы тройчы праходзілі першабытна-абшчынны лад, Месапаттамію і старажытны Рым, а пра руска-польскую вайну быў усяго адзін абзац на палях падручніка ў нейкім 8-м класе.

А самае цікавае знаёмства з гісторыяй магло б адбыцца, калі пачынаць з кнігі Алеся Смаленчука “Беларуская гісторыя: знайсці чалавека”

У гэтай кнізе гісторыя ажывае, гістарычныя фігуры набываюць аблічча рэальных людзей (Каліноўскі), і гэта – найлепшая прышчэпка ад стварэння міфаў.Маё любімае эсэ – пра палескую вёску і паноў Скірмунтаў. Гісторыя сама па сабе вельмі трагічная і павучальная, а тут раптам яна гучыць у інтэрпрэтацыі нашчадкаў тых, хто забіваў ці быў побач. Ды яшчэ праілюстравана сапраўднымі аўтэнтычнымі перламі, напрыклад, такое пёсэнкі: “Надоело жыць пры Польшчы, надоело працаваць, надоело кажду сволоч “Прошэ пана” называць...”

І, як добры драматург, спадар Алесь пакінуў разыначку (ці закінуў вуду на наступную кнігу?), па ходу узгадаўшы пра тое, што “права першай ночы да адмены прыгону ў 1861 г. было нормай жыцця палескай вёскі”. Мяне ўжо колькі месяцаў разбірае цікаўнасць. Спадар Алесь, народ патрабуе працягу!


(1 comment | Leave a comment)

December 12th, 2013


01:54 am - Львы Алены Кіш і Грузія

Ільвы на маляваных дыванах Алены Кіш – сваякі ільвоў на грузінскай нацыянальнай валюце і на лагатыпе Беларускага народнага банка. А таксама сваякі знакамітых ільвоў Пірасмані. Больш грузінскім беларускае мастацтва і ўявіць сабе немагчыма.

Гледзячы на гэіых імпазантных ільвоў, на якіх і вы абавязкова паглядзіце, я згадвала Гелу, кіроўцу Нацыянальнага грузінскага музея. Які – відаць, як любы грузін – нічым не горш за навуковага супрацоўніка правёў мяне па выставе Пірасмані. Мне зусім не зашкодзіла, што яго найбольшы інтарэс выклікала крымінальная гісторыя выкрадання ў грузінскага калекцыянера “Чорнага льва” Пірасмані і яго вывазу з краіны.

Сваім мастацтвам ганарыцца без выключэння кожны грузін.

Read more...Collapse )

“На шчасце! называецца выстава Алены Кіш. Гучыць як тост. Вельмі па-грузінску!


(Leave a comment)

November 19th, 2013


12:43 pm - Эва Менасэ, "Квазікрысталы"
Пісьменніцы не любяць, калі пра іх кнігі так кажуць, але ўсё ж рызыкну: гэта вельмі жаночы твор. Не таму, што шмат вядзецца пра міжчалавечыя адносіны, дый нейкіх спецыфічна эаночых тэмаў у кнізе няма, але напісаная яна з незвычайнай любоўю і ўважлівасцю да побыту, да дробязяў, да штодзённасці.

Галоўная гераіня паўстае перад чытачом ва ўсёй разнастайнасці яе сацыяльных роляў і адносінаў. Навакольны свет канструюецца вакол яе, як фігуркі ў кадейдаскопе. У гэтай апавядальнай прасторы няма іерархіі: кожны голас аднолькава важны і аднолькава самастойны. Пераключэнне фокуса з перфыерыі на цэнтр апавядання – з апавядальніка на гераіню – увесь час трымае чытача ў тонусе. Пра гераіню ў розныя перыдяы яе жыцця распавядаюць розныя людзі: лепшая сяброўка, гаспадар здымнай кватэры (няспраўджаныя эратычныя мары!), сяброўка дзяцінства, гінеколаг, падначалены, урэшце – сын. Толькі ў адным эпізлдзе з трынаццаці прамаўляе сама гераіня. Пры гэтым кожны апаввчядальнік таксама застаецца героем, раскрывае свій характар і гісторыю.Кожны раздзел можна чытаць як асобны твор. І ва ўсім гэтым вельмі шмат глыбокага ведання жыцця: ад нядобразычлівага пляткарства лепшых сябровак да прафесійнай дэфармацыі гінеколага.І ўсё гэта – без ніякага пафасу.

Read more...Collapse )

(Leave a comment)

August 5th, 2013


05:59 pm - Немцы і прагматычнасць
"Прыйшла яна ў склеп, паставіла перад піўной бочкай зэдлік, каб не трэба было нагінацца, і спіна каб не забалела і каб не занадта стаміцца. Паставіла перад сабой збан, адкруціла кран і, каб вочы не заставаліся без справы, пакуль піва нальецца, пачала сцяну разглядваць".

Мяне заўжды ўражвала суперпрагматычнасць гэтых радкоў. Гераіня гэтай казкі не рызыкуе застацца без справы. Не люблю размовы пра нацыянальны характар, але такую казку маглі напісаць толькі немцы.

Read more...Collapse )

І яшчэ адно засмучае: далей у цытаванай казцы гаворыцца: "Якая разумная ў мяне Эльза, яна такая руплівая - і дамоў не вяртаецца і нічога не есць"!!!
Так што шчыра жадаю тым, хто з'язджае туды назаўсёды, каб калі вы ўжо прызвычаіцеся да вымяральных прыбораў і навучыцеся карыстацца тэхнікай, - каб у гэты момант вы не высветлілі, што ўсе гады адаптацыі другая палова падлічвала, колькі вы ясцё! (гэта жарт)

(3 comments | Leave a comment)

July 4th, 2013


12:50 am - Навіны з Паднябеснай
У Шанхаі людзі, купляючы машыну, мусяць набыць да яе нумарны знак, які каштуе яшчэ каля 8 тысяч еўра. Аднак у горадзе з 16 мільёнамі насельніцтва нават гэта не здольна стрымаць рост колькасці машын.  У Пекіне за нумарны знак даводзіцца не толькі заплаціць, а яшчэ і выіграць лот з нумарным знакам у лато.
А колькасць дзяцей цяпер рэгулюецца не так строга, як раней: сем'ям, у якіх абодва бацькі адзіныя дзеці сваіх бацькоў, або калі абодва  бацькі маюць ступень доктара навук, дазваляецца заводзіць яшчэ другое дзіця. Таксама дазваляецца заводзіць другое дзіця, калі вы ажаніліся другі раз і маееце дзіця з першага шлюбу.
А замест "Смачна есці" кітайцы кажуць ман ман чы, што значыць "Есці марудна!"
Гэта я ў Дзюсельдорфе, горадзе Генрыха Гайнэ і дрэваў гінка.

(Leave a comment)

> previous 10 entries
> Go to Top
LiveJournal.com